“Прапанову напісаць тэкст на тэму творчасці Малгажаты Дмітрук я прыняў з усведамленнем таго, што мне трэба будзе пашукаць адказ наконт яе месца між іншых творцаў. З лёгкасцю яе можна было б аднесці да вялікай, важнай і ўрачыстай сям’і рознага кшталту прымітывістаў – творцаў галубінага сэрца, як назваў іх калекцыянер Вільгельм Удэ падчас адкрыцця для іх у 1928 годзе парыжскіх салонаў ды забеспячэння месца ў музейных фондах. Мяжа наіўнасці і прафесіяналізму шматразова перакрочваецца абодвума бакамі, што часта прыносіць істотныя рашэнні. Мяркую, у выпадку М. Дмітрук мы маем з’яву творчай адаптацыі манеры прымітывістаў да патрэб спелага інструментарыя графіка з вышэйшай акадэмічнай адукацыяй. Гэта вялікая ўдача творцы – захаваць шчырасць, свежасць, дзіцячую фантазію, натуральна, па-свойму выкарыстаць паэтыку, не абцяжараную расчараваннем і манерамі. Сакрат Яновіч сказаў пра інструментарый сродкаў М. Дмітрук, што іх менш чым неабходна. Гэта мудрая і прыгожая рэцэнзія. Патрэбная элементарная, але ўстрыманая экспрэсія, зразумелы камунікат пра блізкія чалавеку справы, што спадарожнічаюць мастацтву аўтаркі. Яна стараецца адлюстраваць не паверхню, знешнюю абалонку рэчаў, а іх істоту. Малгажата Дмітрук узгадвае, што калісьці яна вязала світэры па памяці. Пазней, выкарыстоўваючы ніткі са старога трыкатажу з рознай вопраткі (распускаўся цётчын світарок ці маміна спадніца), яна рабіла ўнісвітэры і ўнітканіны ды адраджала ў іх энергію колішніх карыстальнікаў. Выстаўленыя ў галерэі тканіны, што нагадваюць фігуры, засялялі прастору і вялі дыялог з наведвальнікамі, нівелявалі межы паміж целам і адзежай, узаемна пранікаючы.
Малгажата Дмітрук нарадзілася на Беласточчыне ў 1974 годзе, вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Мінску, скончыла Варшаўскую акадэмію выяўленчага мастацтва. Мастачка – шматкратны лаурэат прэсціжнага конкурсу "Варшавская графіка".