Экспазіцыя праекта беларускага павільёна на 58-й Венецыянскай біенале


18 снежня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў будзе прадстаўлена экспазіцыя праекта беларускага павільёна які прайшоў адбор і удзельнічаў на 58-й Венецыянскай біенале.

Венецыянская біенале - гэта прэстыжны сусветны форум мастацтва які праводзіцца раз у два гады ужо больш за 100 год (з 1895 года). 58-я Міжнародная біенале сучаснага мастацтва ў Венецыі прайшла з 11 мая па 24 лістапада. Тэма выставы - «Каб вам жыць у цікавыя часы» (May you live in interesting times) - цытата нібыта старажытнага ўсходняга праклёна, кажа пра складанасць цяперашняга моманту, з'яўляецца ініцыатарам даследавання жыцця ў эпоху пераменаў, месца ў ёй чалавека і мастацтва.

Мастацкія праекты біенале паднялі важныя і вострыя праблемы сучаснасці: экалагічная павестка, пытанні міграцыі, агульная нестабільнасць. Беларускі праект EXIT, мастака Канстанціна Селіханава і куратара Вольгі Рыбчынскай, прапанаваў погляд на сучаснага чалавека, яго адчуванні і збянтэжаннасць, на тое, як ён змяняецца пад уплывам сацыяльна-палітычных, часавых ваганняў.

Экспазіцыя праекта EXIT будуецца на узаемадзеянні пяці мультымедыйных аб'ектаў з прасторай, кожны з якіх фіксуе пэўную падзею-стан. Паміж скульптурнымі фігурамі чалавека ў натуральную велічыню і гатовымі прадметнымі формамі (тэлевізар, неонавая шыльда, паднос са шклянкамі з малаком, лозунг, упаковачныя скрыні) ўсталёўваецца сувязь. Фігуры, якія абязлічаны, мультыплікаваны ў застылых скаваных позах інсталяцыі, выказваюць крызіс самавызначэння, няздольнасць стабілізаваць стан трывогі.

Арганізатарамі Нацыянальнага павільёна Беларусі ў Італіі выступалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы. Пры партнёрскай падтрымцы СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы», СБА ЗАСТ «Купала», ТДА «Інтэрлінгва».

Выстава будзе доўжыцца да 19 студзеня 2020 г.

НЦСМ, вул. Някрасава, 3
Час працы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00.
Выходныя: панядзелак, аўторак.
Кошт квіткоў - 5 руб. / 2 руб.
(агульны білет на ўсе выставы ў НЦСМ на Някрасава, 3)
Дадатковая інфармацыя па тэл.: +375 (17) 235 03 32.