Выстаўка памяці Алы Непачаловіч «Патаемнае»


13 мая 2021 г. а 18:00 ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь на Някрасава, 3 адбудзецца адкрыццё выстаўкі памяці Алы Непачаловіч «Патаемнае». Праект працягвае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ў галіне выяўленчага мастацтва 2020 года. Куратар выстаўкі - Таісія Халамава.

Ала Іванаўна запомніцца пазітыўным, поўным энэргіі і творчых планаў чалавекам. Заўсёды знаходзілася ў «кветніку» студэнтак і майстрых, на фоне якіх вылучалася сваёй мастацкай графікай на тэкстыле. На працягу жыцця Непачаловіч падрыхтавала 26 лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў; 9 стыпендыянтаў і ўладальнікаў Спецыяльнай прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Разам з сяброўкамі-калегамі Наталляй Сухаверхавай, Аленай Обадавай, Вольгай Рэднікінай была «рухавіком» айчыннага ткацтва і габелена; асобай, вядомай далёка за межамі Беларусі.

Непачаловіч Ала Іванаўна нарадзілася 23 снежня 1951 г. у г. Моніна Маскоўскай вобл., Расія. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975), вядучым выкладчыкам яе быў П.В. Масленікаў. Па 1996 год па размеркаванні працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва ў галіне габелена, мастацкага ткацтва і сцэнічнага касцюма.

«Тэкстыльныя кампазіцыі Алы Непачаловіч - гэта вобразна-асацыятыўныя дэкаратыўныя творы, якія з’яўляюцца галоўным накірункам творчасці прафесійнага майстра ткацкага мастацтва. На тэкстыльных палотнах аўтар адлюстроўвае свой асабісты свет. З дапамогай простых формаў і арнаментальных малюнкаў Ала стварае сучасныя вобразныя структуры, у якіх ясна прасочваецца нацыянальны стыль. У іх ёсць выразнасць дакладна прадуманых ліній і зачаравальная таямнічасць паўтаральных арнаментаў. Але ў іх ёсць і уласцівае сучаснаму мастацтву імкненне да лаканічнасці, вобразнаму мінімалізму, выразным кодам і знакам. Вобразы дадзеных дэкаратыўных кампазіцый нараджаюць нечаканыя асацыяцыі. Мастак перадае стан прыроды: плынь вады, звонкае маўчанне цішыні, нябеснае мігаценне святла месяца і зорак. Уражанне ад сапраўды вывераных элементаў арнаменту і іх майстэрскага злучэння, рытму ліній і палос ўзмацняецца вытанчаным каларыстычным рашэннем. У тэкстыльных кампазіцыях Алы Непачаловіч прадэманстраваны своеасаблівы сінтэз ідэі і матэрыялу, арыгінальныя стылістычныя распрацоўкі і наватарскія тэхналагічныя прыёмы, прасочваецца цесная сувязь з нацыянальнымі традыцыям» (Н.В. Шаранговіч).

Лаўрэат ІІ ступені Другой рэспубліканскай трыенале беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў намінацыі «Захаванне традыцый» 2013 года; лаўрэат I прэміі конкурса візуальных мастацтваў ART-SESSIO XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянский базар в Витебске» у намінацыі «Мастацкі тэкстыль» (2014); лаўрэат ІІ ступені Міжнароднага фестывалю «Мастацкая кераміка», Гжэль, РФ у намінацыі «Дызайн у кераміцы» катэгорыі «Прафесіянал» (2017); лаўрэат ІІ ступені Х юбілейнага міжнароднага фестывалю «Мастацкая кераміка» у намінацыі «Дызайн у кераміцы» катэгорыі «Прафесіянал», Гжэль, РФ (2018).

Выстаўка працягнецца па 4 ліпеня 2021 г.
Кошт квітка на выставу: 6 р. / 3 р.

159