Міжнародны мастацкі праект «Чарнобыль. Эфект спячага»


26 сакавіка ў 18.00 ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) адбудзецца адкрыццё міжнароднага мастацкага праекта «Чарнобыль. Эфект спячага».

Аўтар ідэі: Дзіна Даніловіч
Куратарская група: Дзіна Даніловіч, Вольга Рыбчынская, Вольга Вішнёва
Удзельнікі: Казума Абара (Японія), Вольга Бубіч (Беларусь), Артур Бондар (Украіна/Расія), Дзіна Даніловіч (Беларусь), Андрэй Дубінін (Беларусь), Яўген Казюля (Беларусь), Анатоль Кляшчук (Беларусь), Сяргей Кажамякін (Беларусь), Андрэй Кузьмянок (Беларусь), Ігар Саўчанка (Беларусь), Святлана Станкевіч (Беларусь), Таццяна Ткачова (Беларусь), AORTHA (Зьміцер Ладзес) (Беларусь).

Праект ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, які ў 2021 годзе адзначае свой юбілей – 80 гадоў з дня заснавання.

Буйнейшая тэхнагенная катастрофа на Чарнобыльскай АЭС – здарэнне, якое змяніла свет. Праз 35 год вакол чарнобыльскай тэмы працягвае працаваць эфект скажэння прасторы і часу: сацыяльнага, палітычнага, інфармацыйнага, культуралагічнага і этычнага.

Мастацкі праект «Чарнобыль. Эфект спячага», знаходзячыся на аддаленай часавай дыстанцыі ад падзеі, даследуе поле грамадскай памяці. Што засталося ў свядомасці людзей? Як гэтыя ўспаміны змяняліся з цягам часу? Які інструментарый выкарыстоўваюць сучасныя мастакі для размовы пра аварыю і яе наступствы? Вакол якіх тэкстаў, вобразаў, сюжэтаў будуюць свае апавяданне і аналіз? Аўтары праекта па-рознаму ўзаемадзейнічаюць з архівам, запазычваючы дакументальныя сведчанні мінулага, выкарыстоўваючы ўласныя матэрыялы і канструюючы версіі падзей.

Само паняцце «эфект спячага» выкарыстоўваецца ў праекце зыходзячы з некалькіх перспектыў: у якасці метафары адкладзенай, міфалагізаванай гісторыі падзеі, якая не завершана, і псіхалагічнага феномена, звязанага з маніпуляцыяй грамадскім меркаваннем і перакананнямі.

Выстава складаецца з архіўных матэрыялаў, якія састаўляюць вось куратарскага выказвання. Архіў застаецца ў аспекце свайго звычайнага існавання – у ролі «захавальніка матэрыяльных слядоў» (Пьер Нара) гістарычнай падзеі. Адначасова ён становіцца формай і часткай экспазіцыі сучасных мастакоў, трансфармуючыся з нечага, што нам, магчыма, спатрэбіцца ўзгадаць, у мастацкі аб’ект.

Апрача фатаграфіі, відэа, інсталяцыі, важным сродкам апавядання з’яўляецца гук. Sound art AORTHA (Зьміцер Ладзес), гук у праекце Андрэя Кузьмянка і Дзіны Даніловіч, архіўны запіс, перададзены Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, не толькі суправаджаюць візуальную частку экспазіцыі, але і ўтвараюць з ёй цэласнасць, становяцца кампанентамі вялікага наратыву.

Серыя фотаздымкаў «Радаўніца. Чарнобыльская зона» (1989-1999) Анатоля Клешчука – з архіва галерэі візуальных мастацтваў NOVA.

Фотаздымак Яўгена Казюлі з серыі «Забароненая зона Палесся» (1988) перададзены з архіва Народнага фотаклуба «Мінск».

Суправаджальная праграма мастацкага праекта «Чарнобыль. Эфект спячага» ажыццяўляецца пры падтрымцы РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм».

Выстава працягнецца па 2 мая 2021 года.

Кошт квітка: 6 р. / 3 р. (поўны/ільготны – агульны квіток на ўсе выставы, якія праходзяць у гэты час у НЦСМ на вул. Някрасава, 3)
Час працы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00
Каса: +375 (17) 281-74-79
Інфармацыя: +375 (17) 399-09-78, +375 (17) 235-03-32

396