Выстава «Трыццаць тры творы»


З 15 кастрычніка 2020 г. у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў на Някрасава, 3 пачынае работу выстава «Трыццаць тры творы. Выстава набыткаў музейнага збору НЦСМ».

Закупка дзяржавай твораў мастацтва - увасабленне дзяржаўнай культурнай палітыкі, у дадзеным выпадку разлічанай на прапаганду лепшых у выяўленчым мастацтве і найноўшых стылях твораў, дзе раскрыты тэмы падзей гісторыі, сённяшняга дня, пошукаў творчай асобы і яе ўяўлення аб навакольным свеце. Гэта таксама заахвочванне мастакоў, якія спалучаюць актуальны змест і высокі прафесійны ўзровень выканання.

На працягу пяці гадоў, з кастрычніка 2015 года па наш час, НЦСМ набыты шэраг твораў, сярод якіх жывапіс, станковая графіка, скульптура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І гэта не толькі класіка, вы ўбачыце абсалютна розны абстрактны экспрэсіянізм, эксперыментальную скульптуру. Перавагу маюць сродкі выражэння, якія ўкараніліся на беларускай культурнай глебе.

Аддаючы даніну класічнай лініі або яе творчаму развіццю, у 2016 г. Нацыянальным цэнтрам набыты творы скульптуры такіх розных аўтараў, як Генадзь Мурамцаў і Канстанцін Селіханаў. Дарэчы, работа Г. Мурамцава - бюст заснавальніка Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Сярод жывапісцаў вядомыя імены К. Сумаравай, В. Шкаруба, Р. Іванова і інш., калекцыя папоўнілася графічнымі аркушамі П. Татарнікава, Г. Ціханавай-Йарданавай.

2017 - год вылучэння на Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва. У экспазіцыі выставы прадстаўлены творы асобных лаўрэатаў - народнага мастака Беларусі У. Тоўсціка, мастака С. Белаокага, дызайнера Э. Шындлер. Дзяржавай для НЦСМ былі закуплены жывапіс Глеба Отчыка і графіка Андрэя Басалыгі.

«Віцебск-100» - выстаўка, якая прагучала ў 2018 на ўсю рэспубліку. З яе, пасля прагляду мастацтвазнаўцаў, мы атрымалі мастацтва Л. Мядзведскага, В. Шылко, М. Ляўковіча. Карціны Я. Каробушкіна, А. Фалея сталі новымі паступленнямі ў фонды.

Мы чакаем з`яўлення новых, арыгінальных імёнаў. Імёнаў, якія будуць упісаны ў гісторыю беларускага мастацтва і ўпрыгожаць нашу калекцыю.

М. Мірошнікаў, куратар выстаўкі

Выставачны праект можна ўбачыць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь на вул. Някрасава, 3 да 17 студзеня 2021 г.

Кошт квіткоў: 5 р. / 2 р. (агульны квіток на выставы, якія праходзяць у гэты час у НЦСМ на вул. Някрасава, 3)
Час працы выставы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00
Выхадныя: панядзелак, аўторак
Інфармацыя, запіс на экскурсіі:
+375 (17) 235-03-32, +375 (17) 399-09-79

1073