Выстава «Філасофія вобраза»


9 красавіка а 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) адбудзецца адкрыццё выставы «Філасофія вобраза». На выставе будуць прадстаўлены скульптуры Дзмітрыя Аганава і графічныя аркушы Лізаветы Пастушэнка. Выстава арганізавана ў межах фестывалю скульптуры Беларускага саюза мастакоў.

Дзмітрый Аганаў, сябра Беларускага саюза мастакоў, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і пленэраў, прадставіць ключавыя творы, якія характарызуюць пэўны творчы перыяд аўтара. Перыяд, прысвечаны асэнсаванню і творчай рэмінісцэнцыі еўрапейскіх міфаў, рэлігіі і гісторыі - працэсаў, якія ствараюцца, асэнсоўваюцца і пераўтвараюцца чалавекам. Вобразы - простыя і лаканічныя або, наадварот, выкананыя ў вытанчанай пластыцы - утойваюць складаныя і глыбокія па сэнсе і інтэрпрэтацыі ідэі. Шмат якія з іх апелююць да назапашаных ведаў і вопыту гледача. Галоўнай дамінантай твораў Дзмітрыя Аганава можна вызначыць дуалізм чалавечага свету: безупыннае ўзаемадзеянне, саперніцтва і спалучэнне матэрыяльнага і фізічнага, жаночага і мужчынскага, разбуральнага і стваральнага пачаткаў.

Беларускі скульптар Дзмітрый Аганаў нарадзіўся ў 1976 г. у горадзе Наваполацку ў сям’і вядомага архітэктара і скульптара Льва Аганава. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працуе ў галіне станковай і манументальнай скульптуры.

Графічныя аркушы Лізаветы Пастушэнка дапаўняюць і лагічна працягваюць «філасофскі аповед» скульптурных вобразаў Дзмітрыя Аганава. Графічныя светы іншабыцця сведчаць аб філасофскіх разважаннях аўтара над жыццём і чалавечымі ўзаемаадносінамі. Лізавета Пастушэнка, сябра Беларускага саюза мастакоў, мабільна ў сваёй творчасці ад ілюстрацый і эстампаў да анімацыі. Сярод асноўных творчых работ мастачкі: серыя графічных аркушаў «Летняе падарожжа» (2009), «Кашэчы каляндар» (2009-2010), серыя пастэлей «Вандроўка да поўдня» (2011).

Творчая дзейнасць мастачкі адзначана дыпломам у нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» за аўтарскі паэтычны зборнік «Хто ёсць Хто» (2019), дыпломам у намінацыі «Графіка» ў межах праекта «Мастацтва і медыя супраць гендэрных стэрэатыпаў» (2019).

Выстава «Філасофія вобраза» працягнецца па 23 красавіка 2021 г.

Кошт квіткоў: 6 р. / 3 р. (поўны/ільготны - агульны квіток на выставы, якія праходзяць у гэты час у НЦСМ на вул. Някрасава, 3)
Час працы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00
Выхадныя: панядзелак, аўторак
Каса: +375 (17) 281-74-79
Інфармацыя: +375 (17) 399-09-78, +375 (17) 235-03-32

250