Выстава аўтарскай лялькі «Задолле»

«Задолле» - пад такой казачна-міфалагічнай назвай адкрываецца 8 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (праспект Незалежнасці, 47) персанальная выстава аўтарскай лялькі Анастасіі Адамовіч. За - долам, там, дзе сканчаецца рэальнасць і пачынаецца свабодны працяг фантазіі аўтара, мікрасусвет, у якім існуюць, ажываюць яе героі.

Анастасія - аўтар персанажных лялек, у кантэксце выставы аб'яднаных тэматыкай беларускага бестыарыя - зборніка легенд, паданняў і вераванняў беларусаў у розных міфалагічных істот у дахрысціянскі перыяд. Дадзеная тэма ў аўтарскім увасабленні атрымала арыгінальнае і непаўторнае гучанне. Фантазійнае «асяроддзе», прыдуманы сусвет Задолля засяляюць «Лазнік» («Баннік») і «Лесавуха», «Скарбнік», «Дамавік» і мн. інш. персанажы беларускага бестыарыя. Кожная лялька выканана ў адзіным экзэмпляры. На яе стварэнне сыходзіць часам некалькі месяцаў карпатлівай і напружанай працы: пачынаючы з эскіза і заканчваючы цэльным, мастацкі скончаным вобразам. З асноўных матэрыялаў мастачка выкарыстоўвае палімерную гліну, тэкстыль і трэс. Многія элементы і дэталі мастацкага вобраза будучага персанажа ствараюцца цалкам уручную, не маючы аналагавага прататыпа. Інакш кажучы, мастачка шукае і стварае аўтарскую ляльку, часам прыстасоўваючы і адаптуючы самыя незвычайныя матэрыялы. Гледачы бачаць гатовы выставачны асобнік, скончаны цэльны вобраз, часам не ўяўляючы, колькі намаганняў было затрачана на яго стварэнне.

Нягледзячы на персанажную разнастайнасць аўтарскай лялькі, прадстаўленай у выставачнай прасторы, у экспазіцыі дэманструюцца малюнкі Анастасіі. Яны выступаюць своеасаблівым акампанементам, фонам і аблямоўкай для казачна-міфалагічных персанажаў. Аўтарская графіка фармуе выставачную прастору, яе героі - рачныя німфы, русалкі - пераклікаюцца з героямі лялечнай калекцыі, і разам яны заключаюць гледача ў казачнае поле аўтарскай фантазіі. Дзве гэтыя грані творчасці мастачкі радніць паміж сабой імкненне да віртуознай прапрацоўкі дэталяў мастацкага вобраза, нюансаў задуманага персанажа. Сабраныя разам аб'ёмныя прадметы і графічныя лісты пераносяць у звышрэальнасць, дазваляюць і адначасова падштурхоўваюць на час адмовіцца ад штодзённасці і акунуцца ў фантазію, выбудоўваючы тым самым дыялог з гледачом. Вобразы, увасобленыя ў дзвюх выявах - аўтарскай ляльцы і малюнках, захопліваюць у сваю «за» межавую прастору. Яны апелююць да эстэтычнага складніка асобы, закранаючы пачуццёвы аспект успрымання, дастаўляючы радасць воку і адпачыванне розуму.

Ксенія Жукоўская, мастацтвазнаўца, куратар выставы.

Адкрыццё адбудзецца 8 ліпеня а 18:00.

Выстава працягнецца па 16 жніўня.

НЦСМ на пр-це Незалежнасці, 47
Кошт квіткоў: 5 р. / 2 р. (агульны квіток на выставы, якія праходзяць у гэты час у НЦСМ на пр-це Незалежнасці, 47)
Час працы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00
Выхадныя: панядзелак, аўторак
Каса: +375 (17) 242-78-14.
Інфармацыя, запіс на экскурсію: +375 (17) 235-03-32, ncsm.by

1236