Выстава «Аб’ект - КЕРАМІКА II»

«Адчуванне прыгажосці заўсёды блакуецца дакладным выяўленнем «аб’екта», таму аб’ект мусіць абстрагавацца ад любой канкрэтыкі»
Піт Мандрыян

З 27 лістапада па 15 снежня Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў на пр-це Незалежнасці, 47 запрашае на выставу Ганны Амбросавай і Вольгі Сямашка «Аб’ект - КЕРАМІКА II».

Гліна не змяняе сваю сутнасць і заўсёды застаецца глінай, нават калі праз прасцейшую форму выяўляе самы складаны змест, калі мяккасць і пластычнасць нараджаюць непадатнасць і цвёрдасць. І гэта дэманструюць выстаўленыя керамічныя аб’екты. Ганна Амбросава і Вольга Сямашка ў сваіх работах паспрабавалі максімальна раскрыць тэму: Аб’ект – кераміка. Усе работы створаны за апошнія пяць гадоў, і тэма «аб’екта» не давала спакою аўтарам апошнія гады. Некаторыя работы былі створаныя непасрэдна для гэтай выставы.

Пры дапамозе керамічнай пластыкі мастак паказвае трансфармацыю пачуццяў і думак, формаў і станаў, прадметаў і ўяўленняў. Аднак самае галоўнае тое, што ў гэтым працэсе ўдзельнічае сам глядач. Таму што толькі дзякуючы назіральніку адбываецца прыгожая гульня - візуальны дыялог з творам, падчас якога і ўзнікае множнасць унікальных варыянтаў успрыняцця.

Керамічныя вырабы, прадстаўленыя на выставе, фармальна знаходзяцца ў межах сучасных тэндэнцый, наватарскія па задуме і выкананню, яны ствараліся з выкарыстаннем самых старажытных беларускіх тэхналогій - ручная фармоўка, дымленне, абвару, у розных кампазіцыйных спалучэннях.

«Аб’ектам нашых творчых даследаванняў з’яўляецца кераміка. Мы імкнемся раскрыць своеасаблівасць спецыфічных прыёмаў і асаблівасцяў у формаўтварэнні керамічнай пластыкі, яе дэкорную разнастайнасць і асацыятыўнасць», - кажуць аўтары ў прамове да выставы.

Адкрыццё выставы - 27 лістапада ў 18:00.

Выстава працягнецца па 15 снежня.

НЦСМ на пр-це Незалежнасці, 47
Кошт квіткоў: 5 р. / 2 р. (агульны квіток на выставы, якія праходзяць у гэты час у НЦСМ на пр-це Незалежнасці, 47)
Час працы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00
Работа з арганізаванымі школьнымі групамі - з 11:00
Выхадныя: панядзелак, аўторак
Каса: +375 (17) 242-78-14
Інфармацыя, запіс на экскурсію: +375 (17) 235-03-32

812